реферат скачать
 
Главная | Карта сайта
реферат скачать
РАЗДЕЛЫ

реферат скачать
ПАРТНЕРЫ

реферат скачать
АЛФАВИТ
... А Б В Г Д Е Ж З И К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

реферат скачать
ПОИСК
Введите фамилию автора:


Беларуская мова

§ 17. Правілы пераносу


Слова з аднаго радка на другі пераносіцца па складах. Адна літapa не пераносіцца i не пакідаецца: да-ро-га, ва-да. Але: фае, авёс, Азія.

Асаблівасці пераносу:

а)       падоўжаныя зычныя пры пераносе раздзяляюцца: жыц-цё, трыц-цаць, пісьмен-нік;

б)      й, у, ь,' (апостраф) пакідаюцца ў канцы радка: вай-на, праў-да, боль-шы, аб'-ява;

в)       дж, дз не разрываюцца: даж-джы, ура-джай, на-дзея, ра-дзі-ма. Але: пад-жылкі, пад-земны.

Нельга адрываць ад кораня пачатковую зычную: на-зваць, за-гнуць, раза-рваць.

Практыкаванне 31. Падзяліце словы для пераносу.

Галлё, аддаць, зацішша, дваццаць, хаджу, радзіма, пісьмовы, раз'езд, падскочыць, разгребці, заспяваць, прыкметны, разбіць, падгрупа, безумоўна, безупынна, падыход, узысці, абысціся, высакародны, яснасць, узмах, рассякаць, узабрацца, загорскі, абавязак, спадчына, абазначыць, рэйка, поўны, падабраць, паджаць, рассыпаць, пад'язджаць, раз'юшаны, адзвінець, выпхнуць.


РАЗДЗЕЛ II. СІНТАКСІС І ПУНКТУАЦЫЯ

Сінтаксіс (грэч. syntaxis – пабудова, спалучэнне, парадак) – раздзел граматыкі, у якім вывучаюцца словазлучэнні і сказы (простыя і складаныя), іх структура і тыпы, высвятляюцца асаблівасці выкарыстання ў мове.

Словазлучэнне і сказ – асноўныя сінтаксічныя адзінкі. Аднак сказ выконвае ўласцівую яму функцыю ў спалучэнні з іншымі сказамі. Таму побач з сінтаксісам словазлучэння і сказа выдзяляюцца і больш складаныя формы звязнай мовы – адзінкі, большыя за сказ.

Пунктуацыя (лац. punctum – кропка) – гэта звод правілаў пастаноўкі знакаў прыпынку ў пісьмовым тэксце.

§ 18. Сказ

18.1 Агульнае паняцце аб сказе

Сказ – гэта асноўная камунікатыўная адзінка мовы, якая характарызуецца сэнсавай і інтанацыйнай закончанасцю. Праца – аснова нашага жыцця, самы надзейны ген сапраўднага даўгалецця. Самая каштоўная якасць педагога – чалавечнасць, глыбокая любоў да дзяцей, у якой спалучаецца сардэчная пяшчотнасць з мудрай строгасцю бацькі. Ні адзін сейбіт не кіне зерне ў непадрыхтаваную глебу.

Сказ – асобая сінтаксічная адзінка, яе важнейшая функцыя – паведамленне. З дапамогай сказаў мы паведамляем пра з’явы і падзеі, якія адбываюцца ў навакольным асяроддзі, выказваем свае пачуцці і г.д. Выказванне думак, пачуццяў – гэта толькі адзін бок сказа, яго семантыка. Сказ – адзінка граматычная, таму кожнаму сказу (незалежна ад тыпу яго) уласціва адцягненае граматычнае значэнне, або прэдыкатыўнасць. Прэдыкатыўнасць – гэта сінтаксічная катэгорыя, якая выражае адносіны зместу выказвання да рэчаіснасці, паказвае, пра што паведамляецца або што адмаўляецца ў сказе. Паведамленне можа мысліцца як рэальнае, г. зн. такое, якое сапраўды ёсць, было ці будзе, напрыклад: Навальніцаю вецер дыхнуў над ракою. Як прыемна пахне збожжа. Хутка пачнецца жніво. У такіх сказах выказнікі выражаюцца дзеясловамі абвеснага ладу цяперашняга, прошлага і будучага часу. Калі ж факт, аб якім паведамляецца, мысліцца як не рэальны, а магчымы, пажаданы пры пэўных умовах, тыпу хутчэй бы пайшоў дождж, няхай хутчэй пойдзе дождж, у гэтых выпадках выказнікі выражаюцца формамі ўмоўнага і загаднага ладу.

Прэдыкатыўнасць уласціва толькі сказу. Словы, звязаныя прэдыкатыўнай сувяззю, выступаюць у ролі галоўных членаў (дзейніка і выказніка) і складаюць граматычную аснову сказа. Граматычная аснова можа складацца і з аднаго галоўнага члена – дзейніка ці выказніка. Напрыклад: Паглядзі на шырокі раскованы Нёман. Белавежы паслухай абуджаны гоман. Хай песняй стане гэты час майго юнацкага кахання.

Абавязковай прыметай усякага сказа з’яўляецца інтанацыя. Асобныя словы і словазлучэнні, якія нагадваюць сваёй формай граматычную аснову, становяцца сказам толькі ў тым выпадку, калі інтанацыя надае ім значэнне закончанага паведамлення.


18.2 Словазлучэнне як састаўная частка сказа

Словазлучэнне - гэта сэнсава-граматычнае аб'яднанне двух ці больш самастойных слоў, якое ўзнікае пры пабудове сказа і вычляняецца з яго. У сказе: Трэба нам кожны дзень адчуваць прысутнасць сяброў, не спазняцца са шчырай спагадай да іх... можна, напрыклад, вылучыць словазлучэнні трэба адчуваць, адчуваць прысутнасць, прысутнасць сяброў, адчуваць кожны дзень, адчуваць нам, не спазняцца да іх, не спазняцца са спагадай, спагадай шчырай.

Словазлучэнне ўзнікае шляхам паяснення аднаго слова другім; паміж імі ўзнікае падпарадкавальная сувязь, якая дае магчымасць выявіць розныя адносіны, напрыклад, аб'ектныя (будаваць дом, чытаць раман), часавыя (зайсці вечарам, сустракацца сёння), прычынныя (плакаць ад радасці, збялелы ад страху).

Словы ў сказе звязваюцца ў словазлучэнні, групуючыся вакол галоўных членаў сказа. Напрыклад, у сказе Пустога слова не выцерпіць глыбінная душа састаў дзейніка ўтварае словазлучэнне глыбінная душа, а састаў выказніка – два словазлучэнні: не выцерпіць слова, слова пустога.

У залежнасці ад сінтаксічнай самастойнасці слоў словазлучэнні бываюць сінтаксічна свабодныя (кожнае слова - самастойны член сказа) і сінтаксічна несвабодныя (усё словазлучэнне выступае як адзін член сказа). У сказе: Канспекты ляжалі на стале ўсе словазлучэнні сінтаксічна свабодныя. У сказе: Чатыры сшыткі засталіся неправераныя сінтаксічна несвабоднае (сінтаксічна непадзельнае) словазлучэнне чатыры сшыткі з'яўляецца дзейнікам.

У словазлучэннях выразна выяўляецца нацыянальная спецыфіка мовы. Так, у беларускай мове дзеясловы са значэннем ветлівасці выбачаць, дараваць, (па) дзякаваць утвараюць словазлучэнні з назоўнікамі (займеннікамі) давальнага склону: прабачце мне за спазненне, дзякаваць бацьку, даруйце мне за няўважлівасць.

Дзеясловы са значэннем руху, напрыклад ісці, ляцець, бегчы пры абазначэннні мэты спалучаюцца з назоўнікамі (займеннікамі) ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам па ці ў: ісці ў ягады, пайсці па ваду, паехаць па дровы.

Дзеясловы са значэннем думкі, маўлення, пачуцця, напрыклад разважаць, казаць, клапаціцца, спалучаюцца з назоўнікамі (займеннікамі) у форме вінавальнага склону з прыназоўнікам пра: разважаць пра новы кінафільм, думаць пра будучыню, расказаць пра сястру, клапаціцца пра дзяцей.

Дзеясловы цешыцца, насміхацца, смяяцца, жартаваць, кпіць, здзекавацца, дзівіцца кіруюць назоўнікамі (займеннікамі) роднага склону з прыназоўнікам з: цешыцца з дачкі, не насміхацца з таварыша, нельга здзекавацца з жывёліны, дзівіцца з таго, што стала.

Маюць свае асаблівасці словазлучэнні, у якіх залежнае слова набывае такія самыя граматычныя формы, што і галоўнае. Так, колькасныя лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры спалучаюцца з назоўнікамі ў форме назоўнага склону множнага ліку (два дрэвы, тры сшыткі, абедзве хаты, чатыры трактары), калі названыя лічэбнікі ўваходзяць у склад састаўных, то назоўнік пры іх таксама ўжываецца ў форме множнага ліку: дваццаць дзве студэнткі, сто трыццаць два рублі, трыста чатыры дні. Лічэбнікі ад пяці і далей спалучаюцца з назоўнікамі ўскосных склонаў: пяць падручнікаў, шэсць гадоў, на сямі сталах, за дзесяццю вёрстамі.


18.3 Сувязь слоў у сказе

Сказ – больш складаная сінтаксічная адзінка, чым словазлучэнне, а таму і сінтаксічная сувязь слоў у сказе таксама больш складаная і разнастайная.

Існуюць наступныя віды сувязі слоў у сказе: каардынацыя, падпарадкаванне і злучэнне. Выказнік у сказе граматычна і па сэнсу звязаны з дзейнікам, каардынуе з ім свае формы, г. зн. поўнасцю або часткова прыпадабняецца да яго. Такая сувязь носіць назву каардынацыі. Пры каардынацыі формы асобы, ліку, а ў прошлым часе і роду дзеяслова-выказніка ці дзеяслоўнай звязкі дыктуюцца назоўнікам (займеннікам), што выступае ў ролі дзейніка: Дождж ідзе. Ты адпачываеш; Яна вяжа; Лета было цёплае. У сваю чаргу дзеяслоў-выказнік (ці дзеяслоў-звязка) патрабуе ад назоўніка (займенніка)-дзейніка назоўнага склону. Такім чынам, дзейнік і выказнік залежаць адзін ад аднаго, паміж імі існуе ўзаеманакіраваная сувязь. Схематычна гэту сувязь можна паказаць наступным чынам: Дождж↔ідзе. Сэнсавыя пытанні можна ставіць ад дзейніка да выказніка і наадварот.

Выказнік можа дапасавацца да дзейніка:

у родзе і ліку: ён ішоў; яна ішла; яны ішлі;

у ліку: лес шуміць; дзеці вучацца;

у родзе, ліку і склоне: Вечар ціхі і цёплы;

у ліку і склоне: сястра — тэрапеўт-стаматолаг;

у склоне: Будаўнікі— ганаровая прафесія.

Выказнік можа быць недапасаваным: А тут слёзы кап-кап; Сцены з новых плашак і нават з мохам. Ёсць сказы, у якіх у ролі галоўнага члена выступае або толькі дзейнік: Летняя раніца, або толькі выказнік: Развідневае. Такі галоўны член адзін складае структурную аснову сказа.

Падпарадкаванне — гэта сувязь граматычна нераўнапраўных слоў (галоўнага і залежнага). На падпарадкавальнай сувязі грунтуюцца словазлучэнні.

У сказе можа быць злучальная сувязь. Злучэнне – гэта сувязь, калі звязваюцца раўнапраўныя, незалежныя адно ад другога словы (аднародныя члены): Па-вясноваму молада і па-святочнаму ўрачыста выглядае сёння наш працавіты Мінск.

Адрозніваюць тры віды падпарадкавальнай сувязі слоў у сказе: дапасаванне, кіраванне і прымыканне.

Дапасаванне – такая сувязь слоў у сказе, пры якой залежнае слова ставіцца ў тым ліку, родзе, склоне або асобе, што і галоўнае: белая ружа, летні дзень.

Кіраванне – такая сувязь, пры якой галоўнае слова патрабуе, каб залежнае стаяла ў пэўным ускосным склоне: пішу ручкай (творны склон), чытаю раман (вінавальны склон).

Прымыканне – такая сувязь, пры якой залежнае слова звязваецца з галоўным толькі па сэнсу. Прымыкаць да галоўнага слова ў спалучэнні могуць нязменныя словы: прыслоўі (размаўлялі весела), дзеепрыслоўі (ішоў не спяшаючыся) і неазначальная форма дзеяслова (пачынала цямнець, прыйшлося расказаць).

Калі залежным выступае нязменнае слова, граматычная сувязь афармляецца без удзелу канчаткаў.

18.4 Віды сказаў

Віды сказаў па мэце выказвання

Апавядальныя:

Грамадка дужых дубоў, стаўшы родным паўколам, вартуе леснікову сядзібу.

Пытальныя:

Ці не казку лес складае?

Пабуджальныя:

Каб мне вучыліся старанна!

Віды сказаў па інтанацыі

Клічныя – апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя сказы з ярка выражанай клічнай інтанацыяй, эмацыянальнай афарбоўкай.

Як прыемна пахне збожжа!

Клічныя сказы афармляюцца з дапамогай:

1.     клічнай інтанацыі

Гарачы дзень!

2.     выклічнікаў

Эх, спека, спёка!

А прохладзь вечара далёк.

3.     эмацыянальных часціц

Хай святло навукі яснай заблішчыць, як сонца ўсход.

Пытальна-клічныя сказы – выражаюць здзіўленне, захапленне, расчараванне:

Навошта сэрца я параніў чарнявым поглядам вачэй?!

Памятайце:

-         кропка не ставіцца пасля сказаў-загалоўкаў

-         шматкроп’е ставіцца для абазначэння незакончанасці думкі

18.5 Тыпы сказаў паводле структуры

Па колькасці граматычных асноў:

1.     простыя (адна граматычная аснова):

Вясна прыносіла заўсёды свой мікраклімат.

2.     складаныя (некалькі граматычных асноў):

Зазвіняць жалобна крыгі, і бурлівая вада снег размоклы у час адлігі, змые з лугу без сляда.

Па будове граматычнай асновы:

1.     двухсастаўныя (дзейнік + выказнік):

Чалавечую душу жывіць памяць.

2.     аднасастаўныя (з адным галоўным членам сказа):

Салаўя песнямі не кормяць.

Па наяўнасці даданых членаў сказа:

1.     развітыя (пры наяўнасці даданых членаў сказа):

Сонца прыгравала ўсё мацней і мацней.

2.     неразвітыя (даданыя члены сказа адсутнічаюць):

Сонца прыгравала.

Па наяўнасці ўсіх членаў сказа, неабходных для разумення сэнсу:

1.     поўныя (усе члены сказа):

Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе.

2.     няпоўныя (апушчаны асобныя галоўныя ці даданыя члены сказа):

Розныя пісьмы бываюць. Чытаючы адны, людзі радуюцца; чытаючы другія – бядуюць.

§ 19. Знакі прыпынку ў канцы сказа

19.1 Кропка

Кропка ставіцца:

у канцы апавядальнага сказа, які вызначаецца граматычнай, інтанацыйнай і сэнсавай закончанасцю: Палі збажынаю шумяць;

у канцы пабуджальных сказаў, калі яны не маюць яркай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі: Ніколі не спыняйцеся на паўдарозе;

у канцы сказаў, якія маюць клічную або пытальную форму, але ўжываюцца з апавядальнай інтанацыяй: Люба глянуць на поле вясною;

перад далучальнымі злучнікамі, якія пачынаюць новы самастойны сказ: Нельга варушыцца. Бо можна спалохаць выдру. I знікне паляўнічае шчасце;   

пасля асобных слоў і спалучэнняў у разгорнутым паведамленні з мэтай падкрэсліць іх значэнне і надаць ім функцыю самастойнага сказа: Па мяккай раллі роўным ланцужком ішло чалавек дваццаць сейбітаў. Без шапак, у чыстых палатняных кашулях;

у канцы асобных пунктаў рэзалюцый, пастаноў і г. д., асабліва калі гэтыя пункты маюць лічбавую нумарацыю, а змешчаныя ў іх паведамленні з'яўляюцца адносна самастойнымі і ужываюцца са сваімі знакамі прыпынку.

На парадку дня сходу маладзёжнай брыгады стаялі наступныя пытанні:

1.                 Удзел моладзі ў падрыхтоўцы да веснавой сяўбы.

2.                 Паведамленне аб ходзе выканання асобных мера- прыемстваў, принятых на агульным сходзе працаўнікоў.

3.                 Бягучыя справы.

Кропка ставіцца пры скарачэнні слоў, напрыклад: г. — год, руб. — рубель,  Калі скарочанае слова стаіць у канцы сказа, то гэта ж кропка адначасова афармляе і канец сказа (другая кропка пры гэтым не ставіцца): Дэлегаты падпольнай канферэнцыі збіраліся ў горадзе Н. Але калі пасля такога сказа знаходзіцца спасылка, то кропка перад ей захоўваецца: Калі пачаўся мітынг, Андрэй тлумачыў Лясніцкаму, хто выступае, да якой ён належыць партыі, якое яго мінулае і г. д.


19.2 Пытальнік

Пытальнік ставіцца:

у канцы пытальных сказаў, якія вызначаюцца граматычнай, інтанацыйнай і сэнсавай закончанасцю: Вы бачылі луг у срабрыстай расе?

пасля асобных слоў і спалучэнняў у функцыі адпаведных сказаў, якія маюць пытальную інтанацыю і ўжываюцца для канкрэтызацыі і удакладнення зместу папярэдняга (галоўным чынам пытальнага) сказа: Куды вы едзеце? У горад?

Пытальнік з клічнікам ставіцца ў канцы сказа, у якім прамое пытанне суправаджаецца рознымі эмацыянальнымі адценнямі: Зямля Радзімы! У сэрцы боль салодкі хто не адчуў, сустрэўшыся з табой?!

Пытальнік са шматкроп'ем ставіцца ў канцы сказа, у якім прамое пытанне падаецца як незавершанае (граматычна ці па сэнсу). Шматкроп'е ў даным выпадку абазначаецца дзвюма кропкамі, якія размешчаны за пытальнікам: Што гэта за спевы чуваць?...

Калі ж такое пытанне суправаджаецца дадатковымі эмацыянальна-экспрэсіўнымі адценнямі, тады ў канцы сказа звычайна ставіцца пытальнік, клічнік і шматкроп'е (шматкроп'е ў такім разе абазначаецца адной кропкай): Як мне выявіцъ шырыню новай радасці?!

19.3 Клічнік

Клічнік ставіцца:

у канцы клічных сказаў, якія вызначаюцца граматычнай, інтанацыйнай і сэнсавай закончанасцю: О, колькі песень з сэрца рвецца!

пасля зваротка, які знаходзіцца ў пачатку сказа і суправаджаецца ўзмоцненай інтанацыяй: Радзіма мая дарагая! Красуйся і ў шчасці жыві;

у канцы пабуджальных сказаў, якія маюць яркую эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку: Будзьце храбрымі і мужнымі!

пасля асобных слоў і спалучэнняў у функцыі сказа з мэтай надаць ім асобую змястоўнасць і эмацыянальна-экспрэсіўную выразнасць у разгорнутым паведамленні: На коней! Хутчэй! Ідзіце дамоў! Зараз жа! Усе! Без усякіх размоў!

Клічнік з пытальнікам ставіцца ў канцы сказа, у якім эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка суправаджаецца пытальным адценнем: Як жа можна, каб чалавек ды не любіў прыроды!?

Клічнік са шматкроп'ем ставіцца ў канцы сказа, у якім эмацыянальна-экспрэсіўнае паведамленне падаецца як незавершанае (граматычна ці па сэнсу). У такім разе шматкроп'е абазначаецца дзвюма кропкамі, якія размешчаны за клічнікам: Ну што ж, здараюцца і ў будзённым жыцці гераічныя моманты!

19.4 Шматкроп'е

Шматкроп'е ставіцца:

у канцы апавядальнага сказа (простага і складанага), які не закончаны граматычна: Людзі ездзяць, а ты...

у канцы апавядальнага сказа, які закончаны граматычна, але не закончаны па сэнсу і інтанацыйнаму афармленню: Сноп апошні залатога жыта застаецца ў памяці палос...


§ 20. Галоўныя члены сказа

Дзейнік і выказнік

20.1 Дзейнік і спосабы яго выражэння

Дзейнік — гэта слова або спалучэнне слоў, якое абазначае той прадмет думкі, пра дзеянне, стан, уласцівасці або якасці якога паведамляецца ў выказніку, г. зн. галоўны член сказа, які граматычна не залежыць ад іншых членаў сказа і паясняецца выказнікам.

Самай тыповай формай выражэння дзейніка з'яўляецца назоўнік назоўнага склону: Зімовыя хмары нізка павіслі над зямлёй.

У ролі дзейніка часта выступаюць займеннікі: Яны дужа сябравалі, Лявон і Ціхан.

Радзей у ролі дзейніка выступаюць іншыя часціны мовы, пры гэтым яны набываюць значэнне назоўніка ў назоўным склоне. Напрыклад: Здарылася самае страшнае ; Абое стаялі разгубленыя; Жыць – Радзіме служыць .

Дзейнік можа быць выражаны спалучэннем слоў, напрыклад: Міхаська і Кастусь употайкі пазіралі на Васіля, ледзь прыкметна пасмейваліся з яго.

20.2 Выказнік і спосабы яго выражэння

Выказнік — слова або спалучэнне слоў, якое абазначае дзеянне, стан, уласцівасць або якасць таго прадмета, што названы дзейнікам. Выказнік як галоўны член сказа знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка.

Паводле структуры выказнікі бываюць простыя, састаўныя і складаныя. Выказнік, што складаецца з аднаго слова або спалучэння слоў, якія выражаюць адну граматычную форму, тыпу была спалохалася, прыехаў быў, буду спяваць, называецца простым, напрыклад: Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. І буду сніць дарогу я, і вясну, і родны край, і рунь на полі родным.

Выказнік, які складаецца з двух слоў — з дзеяслова-звязкі і выказальнага слова, называецца састаўным. Звязка паказвае на лад і час, дапасуецца да дзей-ніка ў ліку, асобе (або ў родзе). Выказальнае слова выражае канкрэтнае лексічнае значэнне выказніка, напрыклад: Дзень быў спякотны і ветраны .

Выказнік, які складаецца з трох і больш слоў і спалучае ў сабе прыметы састаўнога дзеяслоўнага і састаўнога іменнага выказніка, называецца складаным, напрыклад: І сыны адказ трымалі перад бацькам родным, а стараўся з іх быць кожны свайго бацькі годным.


20.3 Выражэнне простага выказніка

Просты дзеяслоўны выказнік выражаецца дзеясловам абвеснага, умоўнага або загаднага ладу, напрыклад: Ты ляці, маё слова, праз палі і лясы, прывітайся з краінай маёй дарагою.

У ролі простага выказніка можа выступаць усечаная форма дзеяслова (дзеяслоўныя корані). Напрыклад: Толькі што Мікола нукнуў на каня,— шусь ячмень з воза! Усечаная форма дзеяслова абазначае імгненнасць дзеяння.

Інфінітыў можа выступаць у ролі выказніка ў асабовых сказах, напрыклад: На полі працаваць – ураджай здабываць.

Просты іменны выказнік звычайна выражаецца назоўнікам у форме назоўнага або творнага склону, напрыклад: Сын Андрэй у акадэміі дактарантам.

Якасныя і адносныя прыметнікі назоўнага склону могуць выступаць у ролі простага выказніка, напрыклад: У познюю восень вада пад мастком чыстая і халодная.

Просты выказнік можа быць выражаны лічэбнікам і займеннікам. Напрыклад: яе дом — самы першы ад лесу.

Просты выказнік можа быць выражаны фразеалагічным словазлучэннем, якое суадносіцца з дзеяслоўным ці іменным простым выказнікам, напрыклад: Ён пасля не спускаў з вока Марыну, час ад часу заходзіў да яе, прывёз ёй на зіму дроў .

Ролю простага выказніка можа выконваць і сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне, напрыклад: Пінчукі — народ жвавы, рухавы . Лагічны націск у такіх канструкцыях падае на прыметнік.

20.4 Выражэнне састаўнога выказніка

Выказальнае слова ў састаўным выказніку можа быць выражана дзеясловам і іменнымі часцінамі мовы. У залежнасці ад спосабу выражэння выказальнага слова вылучаюцца два тыпы састаўнога выказніка: састаўны дзеяслоўны і састаўны іменны.

Састаўны дзеяслоўны выказнік выражаецца неазначальнай формай дзеяслова і дапаможным дзеясловам. У ролі дапаможных у сказе могуць выступаць дзеясловы, якія паказваюць на пачатак, працяг і канец дзеяння (стаць, пачацъ, распачаць, брацца, працягваць, канчаць, кідаць, пераставаць і інш.). Напрыклад: Зарыва то затухала, то пачынала ярчэць, набіраючыся трапяткой, залацістай чырвані.

У ролі дапаможных дзеясловаў у састаўным дзеяслоўным выказніку могуць выступаць словы магчы, хацець, імкнуцца, прагнуць, спрабаваць, умець, наважвацца, жадаць, саромецца. Напрыклад: Пра харчаванне Кастравіцкі мусіў клапаціцца сам.

Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9


реферат скачать
НОВОСТИ реферат скачать
реферат скачать
ВХОД реферат скачать
Логин:
Пароль:
регистрация
забыли пароль?

реферат скачать    
реферат скачать
ТЕГИ реферат скачать

Рефераты бесплатно, курсовые, дипломы, научные работы, реферат бесплатно, сочинения, курсовые работы, реферат, доклады, рефераты, рефераты скачать, рефераты на тему и многое другое.


Copyright © 2012 г.
При использовании материалов - ссылка на сайт обязательна.