![]() |
|
|
Беларуская мова28.3 Знакі прыпынку ў складаным сказе з рознымі відамі сувязі (камбінаваным сказе) У камбінаваных сказах знакі прыпынку ставяцца на аснове агульных правіл і залежаць ад тыпу сувязі і сэнсавых адносін паміж часткамі. Прааналізуйце: Цяпер буслы лёталі па чарзе: адзін ляцеў на здабыткі, а другі аставаўся вартаваць гняздо, каб вецер не сарваў яго. Адны плацілі акуратна, другія цягнулі бог ведае колькі, і мы ніяк не маглі пазбавіцца ад даўжнікоў. Ніхто не мае права залазіць у чужую душу, асабліва калі не ўпэўнены, што яго словы будуць лекамі. Коска не ставіцца паміж двума сказамі, звязанымі спалучальнымі злучнікамі, калі гэтыя сказы: а) маюць адну (агульную) даданую частку: У яго так балела галава і гарэлі вочы, што сон не прыходзіў. Вяселле працягвалася і госці не разыходзіліся, бо было яшчэ рана; б) адносяцца да агульнай часткі, звязанай з імі бяззлучнікавай сувяззю: Можна было падумаць: зямля варушыцца і моцна ўздыхае ад зімовага сну прырода. І не было на кажуху ні аднаго жывога месца – так застракацілі яго белыя і чорныя плямы і так патыкала яго іголка. Пры збегу двух злучнікаў (злучальнага і падрадкавальнага) коска паміж імі ставіцца, калі далей няма другой часткі падпарадкавальнага злучніка (то, дык), і не ставіцца, калі яна ёсць. Параўнайце:
Практыкаванне 53. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку паміж прэдыкатыўнымі часткамі складаных сказаў камбінаванай будовы. 1. Часам крылы ветрака круціліся, і мне здавалася, што ён махае рукамі, нібы некага кліча. 2. У хвойніку было ціха, толькі час ад часу крыкне варона, шарахнецца заяц. 3.Ужо ўзышоўшы на двор, Драздовіч заўважыў, што перамяніўся напрамак ветру, значыць, не мінуць навальніцы. 4. Цяпер зноў чуваць, як чахкае сякера: дзядзька цярэбіць на зваленым дрэве галлё… Практыкаванне 54. Вызначце тып прэдыкатыўных частак у складаных сказах камбінаванай будовы і пастаўце патрэбныя знакі прыпынку. 1. Люблю той лес што над табою высока ўзняў свае камлі яго ж карэнні над вадою нібы вянок табе сплялі…2. Сцёпка ведае як называецца станцыя але яму трэба разгаварыцца з хлапчукамі каб дазнацца таго што цікавіла яго цяпер. 3. Высокія хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей па ўсяму відаць было што хутка пачнецца шторм. 4. Там дзе праходзіць дарога скрыпяць калёсы чуваць людскія галасы. 5. Ужо хата новая гатова прыбраны трэскі ўжо і дровы над белым дахам як карона красуе комінак чырвоны прыветна вокны пазіраюць бы вас у госці запрашаюць ну добры выгляд хата мае… § 29. Простая мова 29.1 Знакі прыпынку ў сказах з простай мовай Пастаноўка знакаў прыпынку ў сказах з простай мовай (далей – ПМ) залежыць ад месца слоў аўтара (перад простай мовай, пасля яе, у сярэдзіне), а таксама ад таго, выказаная простая мова ці нявыказаная. Выказаная простая мова перадае словы, якія былі выказаны ўслых. У словах аўтара могуць быць дзеясловы са значэннем маўлення тыпу сказаў, прамовіў, выказаў думку і пад. Нявыказаная простая мова перадае словы, што не былі выказаны, таму ў словах аўтара ўжываюцца дзеясловы са значэннем думкі тыпу падумаў, падумалася, успомнілася і пад. або словы напісаў, прачытаў. У афармленні на пісьме выказанай і нявыказанай простай мовы шмат агульнага, аднак трэба памятаць: нявыказаная ПМ заўсёды бярэцца ў двукоссе, а выказаная пішацца найчасцей з абзаца, перад якім ставіцца працяжнік, і ў двукоссе не бярэцца. Пасля выказанай простай мовы новы сказ звычайна пішацца з чырвонага радка.
4. Калі ў словах аўтара ёсць два дзеясловы са значэннем маўлення, думкі і адзін з іх адносіцца да першай часткі, а другі – да наступнай, паказваючы на працяг простай мовы, то на пісьме такі сказ афармляецца наступным чынам: – Ведаеш, мамачка, каго я прывяла? – весела сказала дачка і таемна прашаптала: Гэта той самы госць, якога мы калісьці ратавалі ад немцаў. “П, – а і а: – П”, – П, – а і а: – П. 5. Калі ПМ знаходзіцца ў сярэдзіне слоў аўтара (яна называецца ўключанай простай мовай), то перад ёй ставіцца двукроп’е, а пасля яе – знак, абумоўлены структурай сказа: 1. Вось пішу: “Жывая, здаровая, хаджу на танцы”, а сама плачу ад сораму, што хлушу. 2. Кінуўшы на хаду: “Я да Андрэя”, хлопец амаль выбег з хаты. Калі ў канцы ўключанай простай мовы стаіць клічнік, пытальнік, шматкроп’е або на месцы разрыву ў аўтарскай мове адсутнічае коска, пасля ўключанай ПМ ставіцца працяжнік: 1. Васіль на хаду ўжо крыкнуў: “Уцякай!” – і пабег яшчэ шпарчэй. 2. Ляўчук крыкнуў: “Бяжым!” – і яны, прыгнуўшыся, што было сілы пабеглі назад да ўзлеску. Звычайна афармляюцца як складаныя бяззлучнікавыя сказы, у якіх дакладна не ўказана, каму належыць простая мова: 1. Многія могуць паўтарыць: бяда і намучыць і навучыць. 2. Хораша як людзі сказалі: лье як з вядра. 3. Праўду кажуць: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Дапускаецца запісваць у двукоссе выказаную простую мову, якая была паўторана неаднойчы: 1. “Калі хочаш каму зрабіць зло, зрабі дабро”, - не раз гаварыў мой бацька. 2. “Што за дзяўчына! Што за натура!” – колькі разоў здзіўляўся малады настаўнік. 3. “Калі бог хоча пакараць чалавека, то адбірае ў яго розум”, – любіла паўтараць Алена Лявонаўна. Практыкаванне 55. Прыведзеныя сказы зрабіце простай мовай, прыдумайце да іх словы аўтара і пастаўце патрэбныя знакі прыпынку. 1. Настойліва будзем вучыцца. 2. Хлопцы, пачакайце! Я таксама іду з вамі. 3. 3 Новым годам, таварышы! 29.2 Замена простай мовы ўскоснай. Няўласна-простая мова Ускосная мова – гэта чужая мова, якая перададзена не ад імя асобы, якой яна належыць, а ад слоў аўтара. Параўнайце:
Як відаць з прыкладаў, канструкцыя з ускоснай мовай сінтаксічна ўтварае складаназалежны сказ, у якім галоўная частка – гэта словы аўтара (яны паказваюць, каму належыць выказванне), а даданая частка перадае змест чужой мовы. Пры замене простай мовы ўскоснай трэба памятаць:
Звычайна не замяняецца ўскоснаю ПМ, у якой перадаюцца пераважна эмоцыі: 1. “Вось табе і маеш…” – пакрывіўся Прыстром. Няўласна-простая мова – гэта форма передачы чужой мовы, калі аўтар падае “ўнутраную мову” персанажа, зліваючы яе са сваёй: 1. Ён стаяў і прыслухоўваўся, ці хаця ж дома яны. А то сама яна мо ў сваім тэатры, а дзеці зноў, можа, пайшлі дзе да суседзяў на тэлевізар. Спачатку не чутно было ніякага голасу. Потым ён пачуў смех. Няўласна-простая мова блізкая да простай: у ёй захоўваюцца лексічная і сінтаксічныя асаблівасці чужога выказвання, яго эмацыянальнасць і выразнасць. Аднак, як відаць з прыкладаў, няўласна-простая мова ў двукоссе не бярэцца. Практыкаванне 56. Замяніце ўскосную мову простай і пастаўце патрэбныя знакі прыпынку. 1.. Якуб сказаў, што ведае месца, дзе ловіцца рыба. 2. Крушынскі цікавіцца, ці ідзе на дварэ дождж. 3. Міколка спытаў у дзеда, калі яны пойдуць на паляванне. 4. Падарожнік спыніўся і запытаў у дзяцей, як называецца іх веска. 5. Людзі кажуць, што калі рана ўзарэш, то і ўраджай добры збярэш. § 30. Спосабы цытавання. Знакі прыпынку пры цытатах Цытата – гэта даслоўная вытрымка з чыйго-небудзь выказвання, з якога-небудзь твора, якую выкарыстоўваюць з мэтай падмацаваць, даказаць уласнае меркаванне або як ілюстрацыю. На пісьме цытаты звычайна бяруцца ў двукоссе і афармляюцца, як сказы з нявыказанай простай мовай: “Служыць свайму народу ўсімі сіламі душы і сэрца”, – так усведамляў сваё прызначэнне Янка Купала. Цытату можна ўвесці і з дапамогай пабочных слоў або складаназалежных сказаў (цытата або яе частка бярэцца ў двукоссе і пішацца з малой літары): На думку У. Гніламёдава, “паэзія – душа народа і яго гісторыя”. У двукоссе бяруцца словы і выразы, якія ўжываюцца ў нязвыклым для іх значэнні, іранічна, упершыню прапануюцца аўтарам і пад.: Лодка тут не пройдзе, а пехатою таксама не прабрацца між плаўняў, бо ў іх – бяздонныя “вокны”. Вершаваныя цытаты, а таксама эпіграф (кароткае выслоўе, якое раскрывае тэмуі ідэю твора) у двукоссе не бяруцца. Будзь жа, век малады, Поўны светлымі днямі! Пралятайце, гады, Залатымі агнямі! — даносіцца адтуль, з пачатку XX стагоддзя, малады і задорны голас Максіма Багдановіча. Пропуск у цытаце якіх-небудзь слоў абазначаецца шматкроп'ем: Падкрэсліваючы ролю мовы ў выхаванні чалавека, Цётка пісала: "Роднае слова! 3 малых дзён мы чуем цябе з матчыных вуснаў. Ты нам тлумачыш усе дзівы свету ... табе выказваем мы свой дзіцячы жаль, крыўду, жаданне, радасць... " Практыкаванне 57. Спішыце і пастаўце знакі прыпынку пры цытатах (цытаты выдзелены). Дзе трэба, замест малой літары пішыце вялікую. 1. Міхась Лынькоў адзначаў творчасць Якуба Коласа — гэта своеасаблівы летапіс жыцця народа… 2. Вялікай і непахіснай упэўненасцю, перакананасцю, верай у будучыню прасякнуты радкі У. Караткевіча Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі, Будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ. 3. Кузьма Чорны неаднаразова звяртаў увагу на тое, што фарміраванне літаратурнай мовы павінна ісці з крыніц жывой, сапраўды народнай мовы... 4. Патрабуючы ад маладых пісьменнікаў заўсёды вывучаць сваю мову, прыслухоўвацца да народных гутарак, К. Чорны жадаў аднаго каб творы пісаліся моваю жывою... 5. А. П. Чэхаў трапна пісаў наконт моўнай неахайнасці па сутнасці для інтэлігентнага чалавека дрэнна гаварыць павінна б лічыцца такою ж непрыстойнасцю, як не умець чытаць і пісаць. 6. Пагодныя дні – неабходная ўмова для касьбы, таму касцы звычайна спявалі Касцы косяць, Бога просяць Ой, дай, Божа, пагоданьку Ды на нашу работаньку. § 31. знакі Прыпынку пры выклічніках і гукаперайманнях Выклічнікі могуць знаходзіцца ў пачатку, сярэдзіне і канцы сказа. Выклічнікі, якія знаходзяцца ў пачатку сказа і вымаўляюцца без клічнай інтанацыі, аддзяляюцца ад іншых слоў коскай: 1. Ах, калі б цяпер з ёю быў Міхась! 2. Ат, што з табою гаварыць! Коска не ставіцца, калі выклічнік: а) утварае непадзельны выраз з займеннікам або часціцай: 1. Ну і сярдзіты быў дзядзька! 2. Ох і весела нам! 3. Эх і лес жа тут! 4. Ух ты якая слаўная мясцінка! б) цесна прымыкае да аднаго з паўтараемых у сказе слоў: 1. Слаўна, ах слаўна правялі мы лета! 2. І ляцім жа, братка, эх ляцім! в) знаходзіцца перад асабовымі займеннікамі ты, вы, за якімі стаіць зваротак: 1. Ой ты, месяц, любы дружа, паплыві на мора. 2. Эх вы, дарогі жыцця, што там за вамі ўдалі? Часціца а пры выклічніку ну коскай ад яго не аддзяляецца: А, вось ён! А ну, вылазь хутчэй! Выклічнікі і гукаперайманні, якія выступаюць членамі сказа, страчваюць сваё значэнне і на пісьме бяруцца ў двукоссе: 1. Здалёк пачулася “ўра”. Комплексныя заданні і тэксты для самастойнай працы Практыкаванне 58. Запішыце тэксты, пастаўце патрэбныя знакі прыпынку. Ахарактарызуйце простыя сказы: 1. Не даходзячы да лукі выгнуўшыся яшчэ раз каля лесу вельмі прыгожаю дугою Нёман забіраў управа пралёгшы роўнаю бліскучаю стужкаю паміж лугамі і полем. На адным канцы дугі стаялі кучаравыя пышныя хвоі звесіўшы над вадою махрыстыя галіны і аплёўшы пясчаны бераг цэлаю сеткаю смаляных карэнняў. За імі пачыналіся маладыя сакавітыя баравіны перамешаныя са старым лесам. Там-сям з зялёнага мора маладога хвойніку ўзнімаліся верхавіны старых дрэў што як бы аглядалі зялёныя прасторы свае маладое змены цешачыся яе размахам і сакавітай жыццёвасцю. І гэты малады хвойнік і гэты лес і гэтыя хвоі зліваліся ў адную сцяну лесу вырысоўваючы прыгожую лінію паваротаў разгортваючы сваё цёмна-зялёнае крыло і ахопліваючы пясчанае поле дзе раскінуліся маўклівыя пагоркі. А над усім над гэтым ляжала цішыня і спакой раніцы (Я.Колас). 2. Сонца не было цяпер такое яркае як раней. Аддаўшы амаль увесь свой пал лету яно берагло рэшткі цяпла грэла мала але на дзіва лагодна і пяшчотна. Гэтай лагоднасцю і пяшчотай было напоўнена ўсё ў прыродзе усе дні. У лагодным сонечным святле гарэлі сумным адвечным полымем ліпы і бярозы каля хат дрэвы ў недалёкім лесе. Як сівізна ад былога ад перажытага бялела ўсюды павуціна. Яна вісела ў паветры абчэплівала павялы і пасохлы бульбоўнік калы і жэрдкі вакол агародаў пажоўклыя кусты. Усё агартаў спакойны стары як свет смутак смутак развітання з цяплом з летам набліжэння слаты халадоў (І. Мележ). 3. Чэрвень пышна красаваў на палях. Зеляніна ажно шумела ў росце і на палетках і на ўзмежках і на паплавах і на імшарынах. Кожная былінка ўпарта цягнулася да сонца. Ясным днём палі пераліваліся квеценню лугавінак шыза-сінімі хвалямі жыта што адкаласавала ўжо і вось-вось закрасуе смарагдавымі колерамі лёну і ячменю млелі ў пяшчоце духмяная парнасць уздымалася ад іх лёгкай смугой калыхалася –дрыжала над зялёным морам. У гэтым моры ледзь прыкметнымі былі постаці палольшчыц на ярыне і трактары што пераворвалі папары і ўздымалі падлесныя балацінкі. Лета надышло спрыяльнае для ўраджаю цёплае з навальнічнымі дажджамі аднак радавацца за збажыну не было прычын. За прыгажосцю чэрвеньскага росквіту ў полі заўважаліся сляды негаспадарлівых адносін да зямлі, паспешлівасці і абыякавасці ў працы на ёй і гэта абурала да глыбіні душы. Вунь на жытнёвым масіве відаць не засеяныя ўвосень палоскі-агрэхі парослыя пырнікам і лебядой у другім месцы калівы жыта рэдка-рэдка пагойдваюцца сярод гірсы і мятліцы у трэцім як вымакла рунь увесну так і засталася прагаліна там неабвораны бульбяны палетак забуяў разнатраўем у якім патанулі ўсходы бульбы. Хіба можна прайсці міма гэтага з абыякавым сэрцам (Т. Хадкевіч). Практыкаванне 59. Запішыце тэксты, пастаўце патрэбныя знакі прыпынку, вызначце тып складаных сказаў: 1. Трэба многа вельмі многа ездзіць сябры. Вы маладыя і калі будзеце часта “жыць на колах” шмат хадзіць і падарожнічаць вы паглядзіце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой самы прыгожы для нас край. Ездзіце. З экскурсіямі да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай ласкавай няяркай краіны якая аднак зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце гарады і вёскі цёмныя волаты замкаў. І азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе і старыя каменныя млыны над рэчкамі што зараслі белай лілеяй поўню ў азёрнай вадзе і водсвет яе на мокрай зямлі. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачыце зуброў і аленяў. І галоўнае пазнаеце свой гасцінны добры горды і таленавіты беларускі народ (І. Караткевіч). 2. Над ускрайкам лесу дзе пачыналіся жоўтыя пяскі зазвінела песня ляснога жаваранка. Ён першы тут вітаў надыход дня і песня расплывалася ў маўклівым паветры звонам тонкага дарагога металу напаўняючы ясна-сінія разлогі надзем'я і глыбокую цішыню зямлі агорнутай затоена-радаснаю задумленасцю. Здавалася усё навокала занямела зачараванае цудоўнымі тонамі песні гэтага вольнага песняра узлескаў і пясчаных пустак між лесу. Снуючыся высока у небе раняла птушка мяккія ласкавыя мелодыі сатканыя са звону срэбраных струн з булькання ясных ручайкоў з зумкання пчаліных крыльцаў шолаху красак. I ўсе гэтыя тоны спляталіся так гарманічна - своеасабліва ў песню ляснога жаваранка што яна даходзіла да самых затоеных глыбінь сэрца і калыхала самыя тонкія струны душы. Ніякая іншая птушка нават праслаўлены салавей не можа параўнацца у спевах з лясным жаваранкам. Толькі свае песні спявае ён у бязлюдных мясцінах дзе рэдка бывае чалавек і мала хто чуе іх. Мелодыя ж спеваў надзвычайна багатая разнастайная дзівосна прыгожая і такая чоткая такая выразная што яе можна палажыць на ноты а мастак-музыка напэўна змог бы выканаць на скрыпцы але афарбоўкі яе тонаў не патрапіць перадаць ніякі музычны інстумент (Я. Колас). Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9 |
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
![]() |
|
Рефераты бесплатно, курсовые, дипломы, научные работы, реферат бесплатно, сочинения, курсовые работы, реферат, доклады, рефераты, рефераты скачать, рефераты на тему и многое другое. |
||
При использовании материалов - ссылка на сайт обязательна. |